Занимательный материал

Займальны матэрыял да ўрокаў чытання па раздзеле “Зіма”.
Чыстагаворкі
 Чытанне радкоў з рознай інтанацыяй ( радасць, страх, сум, здзіўленне,  дабрыня)
Разгуляўся снегапад,                             
Ранак серабрыцца.                                                                                                     Малышоў вітае з хат                                 
Хараством дзівіцца.                                  

У Алёнкі, у Алёнкі
Вельмі цёплыя валёнкі!
Колькі шуму, колькі смеху:
Дзеда вылепілі з снегу!

Снежань вельмі наравісты –
То сняжысты, то дажджысты.

Ціха цінькае сініца.
Ціха, ёй суніца сніцца.

Ходзіць студзень,
Студзіць студзень,
Цэлы месяц холад будзе.

Для малога Янкі мы купілі санкі.

Сцюжа скокі пачала,
Паскакала да сяла.

Люты, лыты, не лютуй!
Вясну зелену ратуй!
Люты, люты, не марозь!
Вясну зелену прывозь!

Складаем рыфмаванкі.

Ра-ра-ра –прыйшла снежная пара,
Ру-ру-ру – бягуць дзеці на гару,
Ры-ры-ры – дружна з’ехалі з гары.

Ма-ма-ма – у нас марозная зіма,
Мы-мы-мы – дачакаліся зімы,
Му-му-му – вельмі я люблю зіму,
Мо-мо-мо – дзеці з’елі эскімо,

 Я-я-я - …  (усё рабіць умею я)
 Ю-ю-ю - …( кветкі на акне палью).
 У-у-у - ...( у пакоі прыбяру)
 Е-е-е … ( гэта праца для мяне)

Прыкметы.
У снежні мароз і снег вышэй хаты – будзе год багаты.
Зіма без снегу – лета без хлеба.
Калі мала снегу на галінах дрэў, то летам ні грыбоў, ні ягад не знойдзеш.
Калі не будзе зімой бела – не будзе летам зелена.
Снег глыбокі – колас высокі.
Вершы.
1.З першым снегам,
З першым снегам!
Зноў на горку нам пара.                         
З першым снегам,                                    
З першым снегам,                                     
Дзеці нашага двара!
Толькі ўзыдзе сонца,
Я гляджу ў…( аконца)                                                                  
І не зорку-знічку,
Бачу я ( сінічку).
Летам і зімою
Тут яна са …(мною) .
Двор не пакідае,
Песеньку …(спявае).
Не ляціць за мора
 З роднага …(прастору).
 Будзь са мной, сінічка,
 Як мая …( сястрычка).                                                       
                                                                     
1,2,3,4,
Адляцелі птушкі ў вырай.
Засталіся ў двары
Вераб’і і снегіры.
А сініцы і сарокі
Не абралі шлях далёкі.
Каб не галадалі птушкі,
Будзем ім рабіць кармушкі.
                                                         
Першы снег, бялюткі снег!
Колькі ён пасыпаў …( стрэх),
І сцяжынак, і дарог,
На вароты нават ...(лёг) ,
Двор старанна абяліў,
Наваколле … ( асвятліў),
Як жа тут не выйсці з хаты!
Першы снег, нібыта …(свята).

Дзед Мароз сягоння ўночы
Не заплюшчыш, пэўна, вочы.
Пэўна, ён не еў, не піў –
Дрэвы ў садзіку бяліў.
Пабяліў і правады.
Як забраўся ён туды?

Закружыліся сняжынкі
Нізка, нізка над зямлёй.
Ціха лётаюць сняжынкі
Незлічонай чарадой.

Надвячоркам у бары
Гуртам збегліся … ( звяры),
Каб наладзіць карагод
І паклікаць …( Говы год).

Наша ёлка, ёлка, ёлка
Свеціцца шарамі,
Зіхаціць, нібы вясёлка,
Іскрамі – агнямі.
Мы танцуем і спяваем
Весела і звонка.
З Новым годам  дарагая,
Родная старонка!

Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.

 Гой, ладачкі - …( ладкі) –
… ( пляскаем ) у ладкі.
Гой, …(ладачкі) -ладкі –
Святкуем …( Калядкі)!

То на лыжах, то на санках
Я катаюся з гары.
Завяжу мацней вушанку,
Бо марозна на двары.

Дзве малыя рукавічкі –
Дзве маленькія … (сястрычкі).
У двары вялікім недзе
Я адну згубіў у …(снезе).
Шчабятлівая сінічка
Мне прынесла …(рукавічку),
Дзякуй, любая сінічка.
Прывітанне, … ( рукавічка)!

 Аж звініць ад смеху
Прамяністы ранак.
Добра з горкі з’ехаць,
Ды хлапчук без санак.
На нагах віхруе,
І выходзіць гладка.
Грымнуўся – жартуе:
- Мяккая пасадка!

Паспрыяй хутчэй, мароз:
Нам патрэбен зімні крос.
Дык няхай завеі
Нам лыжню навеюць!

На санях хлапчынка Гена
Вёз у пушчу возік сена –
З бацькам летам накасіў,
Хай ласуюцца ласі.

Загадкі.

Яна палоніць доўгім сном
І луг, і сад, і поле,
Пакрывае рэчку льдом,
Снегам – наваколле. ( Зіма).
Па калені вады, а не нап’ешся. ( Снег)
Над палямі, над лясамі,
Над шырокімі лугамі
У небе птушкі праляталі,
Пух бялюткі пагублялі. ( Снегавыя хмары).
Не малако, а белыя,
Не пчолы, а лятаюць,
Хоць малыя, ды смелыя,-
На вусы, на рукі сядаюць. (Сняжынкі).
_Сыпле – сее неба зоркі.
_ На страсе сумёт, як кот.
 _Ездзіць будзем, дзеці, з горкі.
 _ Гэй! Вітай зімы прыход! ( Снег).
_Зямлю снегам замяла
_Ад сяла і да сяла,
_Вецер гурбы абдымаў
_ І да неба падымаў.
_Ранкам глянулі ў акно:
_Ух! Ад снегу ледзь відно.
_Хтосьці мёў , і хтосьці выў.
_Адгадайце, хто ж там быў?
Прыляцела да кармушкі
Размалёваная птушка,
Паспытала дзюбай сала –
І сябровачак пазвала. ( Сініца).
Што за птах зімой іскрыцца?
Не варона, не сініца.
Гэта полымем зары
Палымнеюць … ( Снегіры).
Прыгажуні, папялушкі,
Лесу вечнага дачушкі.
Новы год наблізяць стрэлкі –
Хочуць ёлкамі стаць …( елкі).
Чараўнік ён, гэты дзед.
Завітаў к нам на абед.
А праз тыдзень лёг наўпрост
Цераз рэчку новы мост…( Дзед Мароз).
На катку на коней стаў,
Хуткай птушкаю памчаў.
І мяне без гэткіх коней
Аніхто ўжо не дагоніць.( Канькі).
Вясёлы нораў маюць,
За ногі нас трымаюць.
Ды на месцы не стаяць
А па снезе  нас імчаць!..
Як іх, гарэзніц гэтых, зваць? ( Лыжы).
Зверху голы, знізу лахматы, цяплом багаты. ( Кажух).
 Каб мяне пабудаваць,
Трэба вам рыдлёўкі ўзяць.
Сыпаць, сыпаць, трамбаваць
І вадою паліваць.
Заўтра дзеці па чарзе
Будуць ездзіць з мяне ўсе.( Снежная горка).
Ён без фарбаў, без алоўка
На акне малюе лоўка
Лапкі елак, пальмаў вецце…
Як жа той мастак завецца? ( Мароз)
 У лесе жыве, там і харчуецца,
На галаве дрэва красуецца. ( Лось).
Вось вам , дзеці, верш зімовы,
Падкажыце ў вершы словы:
Зімой даліны і сцяжынкі
Пакрылі белыя …( сняжынкі).
 Як шэры воўк, завыла глуха
У полі злая…( завіруха).
Сядзяць без ежы ў сцюжу птушкі.
Сябры, зрабіце ім… ( кармушкі).
З’явы прыроды, забавы.
Завіруха,  снегапад, галалёд, іней, мокры снег, дождж, мяцеліца,
Лыжы, веласіпед, канькі, ракетка, мяч, шайба, клюшка, санкі.

Шалкевіч  Таццяна  Георгіеўна – настаўнік  пачатковых  класаў  першай  катэгорыі  дзяржаўнай  установы  адукацыі  “Поразаўская  сярэдняя  школа”  Свіслацкага  раёна  Гродзенскай  вобласці

Займальны матэрыял да ўрокаў літаратурнага чытання па раздзеле         “ Хутка лета”.
Чыстагаворкі
 Чытанне радкоў з рознай інтанацыяй ( радасць, страх, сум, здзіўленне,  дабрыня)

Ліпень грэе, прыпякае,
Едуць жнеі і касцы.
Так,  дзятва, пара якая?
Адгадалі? Малайцы!

З кучаравага лесу,
У лагодзе акрас,
З салаўінаю песняй
Едзе лета да нас.

Бярыце, дзеці, кошыкі, бітоны.
Скрозь на палянах спеўных у бары
Пад кожнаю лісцінкаю зялёнай
Чакаюць нас духмяныя дары.

Хораша, хораша
Летам у бары –
І грыбы, і ягады
Ў прыгаршчы бяры!

Заклічкі
Сонца – сонейка,
Свяці цёпленька,
Блішчы серабром
І прыходзь з дабром.
Лета – лецейка,
Дай цяпельца нам,
Дажджу спорнага,
Неба зорнага.

Сонейка – сонца,
Выгляні ў аконца,
Пасвяці нам трошку,
Дам табе гарошку.

Дожджык, дожджык дробненькі,
Будзь ты, дожджык, добранькі,
Ліся ты ўсю ночку,
Каб раслі грыбочкі.

Дожджык, дожджык – грыбасей!
Не лянуйся: сей і се,
Шчодра палівай дубы,
Каб спарней раслі грыбы.

Ветрык, ветрык павявай!
Хмаркі ў неба наганяй.
Агароды палівай,
Дай нам добры ўраджай.

Званочкі, званочкі,
Расплюшчыце вочкі.
Прачніцеся кветкі,
Нашы суседкі.

Лічылка
Дожджык, дожджык – грыбасей,
Кроплі на дзяцей не сей!
Лепш праліся на палі
І зялёны лес палі.
Напаі чарнічкі,
Напаі сунічкі.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Пойдзем ягадкі збіраць.

З мамай я збіраў суніцы,
А з бабуляю чарніцы,
Ездзіў з татам у маліны,
А з дзядулем – у ажыны.
Ліпень
Нам цяпло даруе ліпень,
Сыпле ягады ў кашы.
Сядзе кветкамі на ліпе:
“ Падыходзь, збірай, сушы”.
Нас гароднінай частуе,
Сакавітай, маладой.
Сябраваць нам прапануе
З сонцам, ветрам і вадой.

Жнівень працаваць умее –
Жнівень жне і жнівень сее.

Васілёк
Стаіць, выглядаючы з жыта,
Як зорачка – знічка здалёк,
Што ўпала іскрынкай з блакіту,
Палеткаў краса – васілёк.

Чытанне  сказаў са зменай лагічнага націску.
Добра ўсім жывецца ўлетку.
Прыволле на летнім лузе.
Раскрылі званочкі блакітныя вочкі.
У лесе.
Дождж  прайшоў  -
І ёсць надзея,
Што грыбоў ён шмат насеяў.
Ну а бор тут,
За ракой.
Да грыбоў
Падаць рукой.

У бары грыбы бяры,
Каб напоўніць кошык,
Летам цёплым у бары
На грыбы раскошша.

Верш – заклічка.
Грыбок, грыбок,
Пакажы свой лабок,
Паглядзі ўгару
На лісты, на зару.
Палюбуйся красой
Ды памыйся расой.
Стань ва ўсіх на віду,
 А я міма прайду.

Загадкі ( грыбы).
З-пад ігліцы вылез ён
І трымае парасон. ( Грыб.)

Прыгажун на тонкай ножцы –
У травінках, у расе.
Яго назва ад бярозкі,
Бо пад ёю ён расце. ( Падбярозавік.)

Пад асінаю зялёнай
Пашукай ты грыб чырвоны. ( Падасінавік.)

Пасярод дарожкі –
Шапачка ў гарошкі.
Белую панчошку
Нацягнуў на ножку.
Калі гэткі зух-зух,
Памары нам мух-мух.( Мухамор)

І якой дарогай
Ён прыйшоў у бор,
Чырвоны, беланогі
Дзіўны памідор? ( Падасінавік)

Па ствалах бярозак лазяць,
Не грыбы, а верхалазы.
І на пнях яны растуць.
Адкажы: як іх завуць? ( Апенькі.)

Складаем вершы
Грыбнікі прыйшлі дамоў
З кашамі, поўнымі…(грыбоў).
У Ірынкі-сястрычкі –
Падасінавікі і … ( лісічкі).
У браціка Юрачкі –
Махавікі і … ( курачкі).
А ў мамін кош з-пад верасоў
Налезла шмат …( баравікоў).

Ля зялёнага дубка
Я знайшоў … ( баравіка)
А далей іду – ля сцежкі
Маладыя … ( сыраежкі)
Пад ялінкай невялічкай
Прытаіліся …( лісічкі).
Ля бярозак, быццам бабкі,
Ціха гутараць … ( абабкі)
Разам з імі яркі, рыжы,
Ажно вочы ломіць … ( рыжык).
Аж спацеў ад працы ножык,
Але важкім стаў мой …( кошык).

У ягады
З вамі буду я дзяліцца
Тайнай ягады… (чарніцы).
Хоць яна чарней ад ночы,
Толькі лечыць людзям …( вочы).

Куст чырвоны ад маліны –
Аж згінаюцца … ( галіны).
Водар лета – цераз край.
На здароўе!...(Спажывай!)

Ёсць сястрычкі і ў маліны –
Гэта ягадкі…( ажыны).
Так на сонцы загаралі,
Аж бачкі рудымі …(сталі).

І на ўзмежках, і ў травіцы
Пахаваліся …(суніцы).
Іх лісточкі – быццам вушкі,
І на тварыах …(вяснушкі).

Гонкі бор і пах жывіцы,
А на моху – глянь! - … ( брусніцы)
Сонцу спінкі падстаўляюць –
Чырванеюць, …( даспяваюць).
На рацэ
Я стаю на беражку,
А рачулка льецца.
Рыбка плавае ў вадзе,
Сонейка смяецца.

Сам маленькі і крывенькі,
Важыць толькі грам,
Ды ў рацэ, бывае,
Зловіць рыбу
З кілаграм. ( Кручок.)

Ранкам
Ля ракі сядзіць
І на паплавок
Глядзіць.
Мо пашле
Яму рака
Печкура
На чарвяка. ( Рыбак.)

Кіну ў рэчку чарвячок –
Трапятуха на кручок!
Хто яна? Хвост, крылы мае,
Ды ніколі не лятае. ( Рыба.)

Чорны ён, вусаты,
Тлусты, галаваты.
У віры, сярод ракі,
Кажуць, ёсць жыхар такі. ( Сом.)

Чыстагаворка
Дзе - дзе –дзе,
Рыбка плавае ў вадзе.
Дзе -дзе –дзе,
Новы дзень да нас ідзе.
Дзе -дзе –дзе,
Спее морква на градзе.
Дзе -дзе –дзе,
Авадзень звініць, гудзе.

Вясёлкавыя вершы
А цяпер, мой ясны сокал,
Азірніся ты навокал,
Да ўсяго, што на двары,
Фарбу – колер падбяры!

Па - над лесам сонейка
Ўстала пакрысе.
Дрэвы мыюць голлейка
Ў … ( аранжавай) расе.

Уплятае шчодра лета
У… (зялёны) аксаміт
Белізну рамонкаў - кветак
І валошкавы блакіт.

Ёй у вуллі не сядзіцца,
Гэтай пчолцы – працаўніцы:
З кветкі ў кветачку лятае,
… ( жоўты ) мёд яна збірае.

На выгане ля вёскі
Шыпшына зацвітае,
…( пунсовыя ) пялёсткі
У сонейку купае.

Хмурыць свае бровы
Ціхі летні вечар.
Небакрай … (барвовы)
Ледзь калыша вецер.

Вербы ды ракіты
Над ракой пасталі:
У вадзе… ( блакітнай)
Косы вымывалі.

Чмель … ( карычневы) гудзе
Раззлаваным дзедам:
Да абеду час ідзе,
А ён яшчэ не снедаў.

Зоркі … ( залатыя)
Ночкай замігцелі,
Быццам пчолкі тыя
Адпачыць прыселі.


Шалкевіч  Таццяна  Георгіеўна – настаўнік  пачатковых  класаў  першай  катэгорыі  дзяржаўнай  установы  адукацыі  “Поразаўская  сярэдняя  школа”  Свіслацкага  раёна  Гродзенскай  вобласці

Займальны матэрыял да ўрокаў літаратурнага чытання па раздзеле         “ Вясна”.
Чыстагаворкі
 Чытанне радкоў з рознай інтанацыяй ( радасць, страх, сум, здзіўленне,  дабрыня)
Снегавік быў і знік.
Бачу я з аконца:
Сакавік, сакавік
Грэецца на сонцы!

Надышоў красавік,
Пахне ўжо вясною.
Цэлы дзень грачыны крык
Не дае спакою.

Сонца свеціць, цёпла грэе,
Песня звоніць ручаём.
Ад яе вясна дабрэе,
Нясе кветкі ў кожны дом.

Рады бусел, ён клякоча
На гняздзе на цэлы гай,
Радасць выказаць нам хоча:
Прыляцеў у родны край.

Вясна ідзе. Вясна ідзе? Вясна ідзе!

Ручаёк, ручаёк, ты адкуль з’явіўся?

З сонейкам ды кветкамі прыходзіць,
З  ручаямі карагоды водзіць,
Абудзіла ўсё наўкол ад сну.
Сустракайце з песнямі… (вясну).

Маладзее весні гай,
Радасна звініць ручай.
Смела выбеглі на ўзлескі
У сініх хустачках… ( пралескі).

Паміж купін у нізінцы
Дзе апошні снег не знік.
А вясновыя гасцінцы
Ўжо рыхтуе …( сакавік).

Перад зімой 
Раздзяваецца,
А як прыйдзе вясна –
Апранаецца. ( Дрэва.)

Скорагаворкі:

 З гары-горачкі, дзе грэчка,
Ручаёк прыбег да рэчкі.

Прынесла Параска
З пералеску пралеску.

Сарока вірліва стракоча,
Сказаць нешта слушнае хоча.

Бусел, бусліха, бусляняты аглядаюць буслянку.

І шчычлік, і шчыгліха вучылі шчабятаць шчыгляня.

У новай шпакоўні шчабечуць штодня
Шпак са шпачыхаю і шпачаня.

Пастаноўка лагічнага націску.
Ручаёк прынёс да нас вясну.
Пчолку ў госці на луг запрашалі.
Сакавік – раніца  вясны.

Складаем рыфмаванкі:
На-на-на –прыйшла ранняя вясна,
Ны-ны-ны – доўга не было вясны,
Ну-ну-ну  -  сустракаем мы вясну,
Не-не-не – вельмі рады мы вясне,
Ой-ой-ой – птушкі прыляцяць вясной.

Птушкі:
Па лужку ідзе цыбаты,
Уцякаюць жабяняты.
Уцякаюць жабкі,
Аж мільгаюць лапкі. ( Бусел)

Шуміць вясна, снягі зганяе.
Пяюн, адзеўшы чорны фрак,
Адразу песню выцінае…
Канешне, дзеці, гэта…(шпак).

Не цікавяць яе гулі,
Не відаць чамусь… (зязюлі),
Не чуваць нідзе “ ку-ку”-
Мо, заснула на …(суку).

Яе крык чуваць далёка
Растрашчалася…( сарока) .
З краю ў край яна лятае,
Ні на міг не …( замаўкае).

У сасны густая крона –
Там схавалася …(варона).

Складаем вершы.
“Кап-кап-кап”, - звініць капеж,
Быццам просіцца ў …(верш).
Кроплі падаюць са стрэх
На зямлю, на мокры …(снег).
І звіняць галасы
Першай музыкай …(вясны).

Чый там смех чуваць здалёк?
Гэта звонкі… ( ручаёк)
Пачынае шпаркі бег,
Бо сышоў нарэшце …(снег).

Бег па сцежцы – скок – паскок
Сакавіцкі…(ручаёк).
Дзінь-дзілінь! Ягоны спеў
Пералівіста …(звінеў).
Дайце, дайце шлях вадзе,
Дзінь –дзілінь, - вясна…(ідзе)!

Адзлаваліся марозы –
Капяжы пусцілі…( слёзы),
Адгулі вятры-мяцелі –
Птушкі з поўдня …(прыляцелі).

Глянь: у небе клін жывы –
Гэта з поўдня… ( журавы)
Без спачыну і без сну
Нам нясуць красу-…( вясну).

Рад і шпак вясне бясконца –
Песняй ён вітае (сонца).

А вунь бусел даўганогі.
Хоць стаміўся ён з …( дарогі),
Ды з бусліхаю ад ранку
Рамантуе дом - …( буслянку).

І звініць ад песень бор:
Там птушыны звонкі …(хор).
Як на сцэне, на палянцы
Сонцу шле хвалу ў… (вяснянцы).

Вясёлкавыя вершы.

А цяпер, мой ясны сокал,
Азірніся ты навокал,
Да ўсяго, што на двары,
Фарбу-колер падбяры!

Адспявалі сцюжы ў скрусе,
Краскі ў полі зацвілі.
Зноў вярнуўся …( белы) бусел
І вясну прынёс зямлі.

Абудзіўся гай …(зялёны),
Грай птушыны ўвысь імкне.
І свае лісточкі клёны
Распусцілі па вясне.

У нябёсах урачысты
Пракаціўся першы гром.
Ды апаў на травы чыстым
Ён …( аранжавым ) дажджом.

… ( жоўтым) цветам на балоце,
Між куп’я і між дрыгвы,
Зацвітае кветка лотаць –
Аганёк вясны жывы.

Па барознах – паглядзі! –
Важна ходзіць … (чорны) грак.
Быццам строгі брыгадзір,
Правярае ўсё: ці так?

Глянь: …(зялёныя) шнурочкі,
На іх - …(белыя) званочкі.
Гэта ландышы ад ранку
Дружна выйшлі на палянку.

Загадкі:
Чараўніца да нас завітала –
Усё ажыло, заспявала. ( Вясна).

Ёсць лясочак у мяне
З рэхам і зязюляю.
Свеціць кожны ствол здалёк
Белаю кашуляю …( Бярэзнік).

Народныя прыкметы:
-         Дзяцел стукае ў сакавіку – вясна будзе позняй.
-         Ранні прылёт гракоў і жаваранкаў – да ранняй вясны.
-         Убачыў шпака – вясна ля парога.
-         Каля жылля многа сініц – вясна будзе халоднай.
-         Журавель прыляцеў – хутка лёд зыдзе.
-         Прыляцелі дразды – маразоў не будзе.
-         Цвіце чаромха – чакай пахаладання.
-         З бярозы цячэ многа соку – лета будзе дажджлівым.
-         Зязюля кукуе моцна і часта – цяпло не за гарамі.
Прыказкі :
- Грак на гары, вясна на двары.
- Хто спіць вясною, той плача зімою.
- У сакавіку дзень з ноччу мераецца.
- У красавіку лес звініць ад птушынага спеву.
- Салавей птушка малая, ды і тая май ведае.
- Прыйшоў май – пад кустом рай.








Комментариев нет:

Отправить комментарий