Интересные задания

Цікава ведаць
Самыя дужыя жывёлы на зямлі – мурашка і жук-алень. Мурашка пераносіць груз у 50 разоў цяжэйшы за сябе самога, а жук-насарог – у 100 разоў. Слон у параўнанні з мурашкамі і жуком-насарогам пры масе ў 5тон можа падняць усяго толькі 1,5 тоны.
Самымі вялікімі жукамі ў Беларусі з’яўляюцца жук-вусач (даўжыня 11 см) і жук-алень ( 7,5см ).
Самай хуткай птушкай, якая селіцца на тэрыторыі Беларусі, з’яўляецца сокал-сапсан. У пікіраванні ён развівае хуткасць да 350 км/г.Стрыж развівае скорасць да 170 км/г. У гарызантальным палёце самая высокая скорасць у качак і гусей да 100 км/г.
Самай маленькай птушкай у Беларусі з’яўляецца каралёк. Птушачка так называецца з – за пушыстай кароны на галаве. Каралёк у 5 разоў лягчэйшы за вераб’я. Даўжыня птушкі разам з хвастом не больш за 10 см. У яго вельмі прыгожае апярэнне: зеленавата-жоўта-аранжавае з залацістым чубікам на галаве. І спявае птушачка вельмі прыемна – ласкавым шопатам з прысвістваннем “ Сі-сі-сі”. Маленькія птушачкі пераносяць любыя маразы, робячы “ калектыўныя печкі”. У холад яны хаваюцца ў галінах елак і сосен. Пры гэтым яны цесна прыціскаюцца адзін да аднаго і  распушваюць пер’е – вось вам і калектыўная печка. Па велічыні уступае толькі калібры. Харчуецца насякомымі і іх лічынкамі, можа ўжываць у ежу ягады і насенне дрэў.

Самая маленькая птушка у свеце – калібры: па велічыні не большая за чмяля  і важыць усяго 1,6г, памер 5,7 см, але амаль палавіна гэтай даўжыні прыпадае на хвост і дзюбу. Дзякуючы доўгай і загнутай дзюбе калібры дастаюць з кветак нектар, які служыць ім кормам. Жыве ў тропіках Амерыкі. Адзіная птушка ў свеце, якая ўмее лятяць назад.

Самая вялікая птушка, якая гняздуецца ў нас - гэта лебедзь. Маса дасягае да 22 кг. Лебедзь лічыцца  рэкардсменам  і па колькасці пер’я.
Лебедзь умее добра плаваць з першага дня жыцця. У вялікіх гнёздах самка адкладвае 3-7 яек. Жывуць лебедзі  да 40 гадоў. Гэта самая вялікая птушка ў Беларусі.
Аляпка або вадзяны верабей можа ныраць зімою пад лёд і бегаць па дне ракі.
Назва гэтай птушкі ад слова пугаць, палохаць, таму што моцна ухае. Гэта пугач. Мае ярка-аранжавыя вочы, і пучкі доўгіх пярынак над імі. Аседлая птушка.
Чорны бусел жыве ў тых месцах, дзе рэдка бывае чалавек.  Гэтая скрытная птушка любіць сяліцца ў глухіх, старых лясах. Па сваіх памерах крыху меншы чым белы бусел. 
Журавель лічыцца сімвалам любві да роднага краю. Жыве на балотах. Лічыцца добрым танцорам. Мае доўгія ногі і доўгую дзюбу.
Самая хуткая птушка – стрыж. Стрыжоў часта путаюць з ластаўкамі. Асноўнае іх адрозненне ў тым, што стрыжы лятаюць хутчэй за ластавак і ніколі не садзяцца на правады і на зямлю.Харчуюцца насякомымі. Гэта адна з самых вядомых і распаўсюджаных  птушак  на планеце. Яны жывуць усюды, акрамя Антарктыды.
Самая гаварлівая птушка папугай жако. Гэта вельмі разумная птушка, здольная капіраваць гукі і чалавечую мову. Яго слоўнікавы запас можа змяшчаць больш за 1000 слоў. Жако без праблем зможа замяніць вам цікавага субяседніка.
Імператарскі пінгвін можа ныраць на глыбіню 535 метраў у пошуках ежы. Палююць групамі. Плывуць прама ў касяк і ловяць рыбу.   Могуць быць пад вадой 15 мінут.
 Самая буйная нелятаючая птушка – страус. Вага можа дасягаць больш за 150 кг. Вышыня да 2,7 м.
Самая буйная з лятаючых птушак – афрыканская дрофа. Вага яе больш за 18 кг.
Попаўзень лічыцца самым лепшым дрэвалазам напэўна за тое, што гэта адзіная птушка, якая можа перамяшчацца па ствале дрэва галавой уніз. Ён збірае насякомых на галінах і ствалах дрэў, ловіць іх на ляту ў паветры, а таксама адломвае і аддзірае кавалкі кары, за якімі хаваюцца насякомыя. Акрамя таго попаўзні робяць прыпасы на зіму з насення траў, дрэў і кустоў, тым самым садзейнічаюць рассяленню лясных раслін.
Якая птушка выводзіць птушанят зімой? Крыжадзюб – адзіная птушка ў нашых лясах, якая выводзіць птушанят зімой. І гэта не выпадкова. Сваіх птушанят крыжадзюьы выкормліваюць насеннем хвойных  дрэў. А насенне гэта выспявае з надыходам зімы. Таму крыжадзюбы ў гэты час пачынаюць кладку яіц. Затое птушаняты заўсёды будуць накормленыя. Яйкі крыжадзюбаў не замярзаюць, таму што зняходзяцца ў вельмі цёплым гняздзе з пер’я і пуху. Самка з гнязда нікуды не адлятае, яна ,як пуховая пярына , увесь час грэе яйкі, а потым і птушанят, пакуль тыя не апрануцца ў пер’е.Хто ж корміць самку і птушанят? Пра сваю сям’ю клапоціцца самец. Ён корміць  усіх сытнай яловай кашай. Крыжадзюба лёгка пазнаць па дзюбе  і прыгожаму пер’ю, большая частка якога чырвонага колеру. Ні ў адной птушкі ў свеце няма такой незвычайнай дзюбы , якая нагадвае крыж.
Самай вялікай птушкай у нашых хвойных лясах з’яўляецца глушэц. Самцы дасягаюць памераў індыка і важаць у сярэднім 5 кг. Глушцы любяць сяліцца ў глухіх месцах, у ельніках, сасняках, дзе ёсць розныя ягаднікі. У летні перыяд птушкі трымаюцца на зямлі, дзе харчуюцца лісцем лясных раслін, ягадамі, насеннем лясных траў, насякомымі. З восені да позняй вясны харчуюцца хвояй, таму большую частку часу праводзяць на дрэвах. Начуюць птушкі на адной і той жа паляне; летам – каля ствалоў дрэў, зімою – у снежных норах. Каб зрабіць такую нару, глушэц падае з галіны ўніз. Вясной наступае час глухарыных песень. У гэты час да іх можна падыйсці вельмі блізка, бо ў час такіх песень ён нічога не чуе: ні моцнага шуму, ні крыку, ні нават выстрала.Таму і называюць яго глушэц.
Якая птушка ўмее падрабляць галасы іншых птушак? Гэта шпак. Шпакі – вельмі карысныя птушкі. Яны знішчаюць вялізную колькасць вусеняў, лічынак, матылькоў, жукоў, чарвякоў, саранчы, а таксама слімакоў. Вопытныя агароднікі і садаводы развешваюць шпакоўні, каб на ўчастку было як мага больш шпакоў. Шпак на сваіх крылах прыносіць вясну. Яшчэ дуе халодны вецер, а ўжо ў пачатку сакавіка шпакі вяртаюцца да нас з цёплых краін і пачынаюць спяваць сваю вясновую песеньку.
Самае зоркае вока ў драпежных птушак. Сокал-сапсан можа заўважыць голуба на адлегласці больш за 8 км.
Самыя вялікія яйкі адкладваюць афрыканскія страусы. Даўжыня яйца - 15-20 см пры дыяметры 10-15 см. Важыць яйцо 1,6 – 1,8 кг( па аб’ёме гэта 24 курыных яйкі)
Самыя маленькія яйкі адкладае калібры: яны ў даўжыню меншыя чым 1 см. Вага ўсяго 0, 36 г.
Самым вялікім кракадзілам у прыродзе з’яўляецца грабністы кракадзіл, які насяляе Аўстралію, Інданэзію і Новую Гвінею. Дарослыя кракадзілы маюць  даўжыню 4,8 м і важаць да 520 кг.
Самай ядавітай сухапутнай змяёй з’яўляецца двухмятровая гладкагаловая змяя, якая насяляе ў Аўстралію. Яе яд у 9 разоў мацнейшы, чым яд цігровай змяі.
Самыя буйныя наземныя жывёлы – сланы. Сярод афрыканскіх сланоў дарослыя жывёлы дасягаюць памеру да 4 метраў, важаць звыш 7 тон. Даўжыня хобата можа дасягаць больш чым 2 м, а біўні ў даўжыню 3-4 м.
Самай буйнай марской жывёлай з’яўляецца сіні кіт. Вага самага вялікага млекакормячага можа дасягаць да 145 тон, а даўжыня – 32 метры. Гігант харчуецца маленькімі ракападобнымі. Летам за адзін дзень з’ядае да 4 тон ежы. Сёння ў сусветным акіяне засталося ўсяго некалькі тысяч сініх кітоў. Ім пагражае поўнае знікненне.
Жыраф – самае высокае з млекакормячых. Яго вышыня ад зямлі да лоба дасягае 4,8-5,8 м.
Самай хуткай наземнай жывёлайз’яўляецца гепард, які здольны развіваць хуткасць на кароткай дыстанцыі да 110 км/г.
Адным з самых смелых звяркоў нашых лясоў можна лічыць вожыка. Вожык не баіцца нават змей. Яму не шкодзіць яд гадзюкі, і таму ён можа з’есці яе без усякай шкоды для сябе. На паляванне вожык выходзіць ноччу з-за таго, што ў яго дрэнны зрок, затое вельмі добра развіты нюх. Вожык зімою спіць. З восені ён прыглядвае сабе норку, засцілае яе сухімі лістамі. Каб перанесці  лісце ў нару ён кувырком коціцца па траве і наколвае лісты на іголкі. Вожык не робіць прыпасаў на зіму. Калі наступаюць халады, ён забіраецца ў сваю норку і моцна спіць.
Вельмі цікава, што маленькія важаняты нараджаюцца сляпымі і глухімі. Прыкладна за адну гадзіну з’яўляюцца белыя, мяккія, быццам гумавыя, іголкі. Праз тыдзень-другі яны набываюць свой звычайны бураваты колер, становяцца цвёрдымі. Мама клапоціцца пра сваіх дзіцянят: корміць малаком, калі паграджае небяспека, перацягвае іх у іншае месца, больш спакойнае, якое прыглядвае заранёў. Праз паўтара месяца важаняты пакідаюць роднае гняздо.
А якую жывёлу называюць “каралём” грызуноў ? Заслужана гэты тытул носяць бабры. У параўнанні з іншымі грызунамі ( суслікамі, мышамі, хамякамі) бабёр на самай справе ўражвае нас сваімі памерамі. Даўжыня цела дасягае 70 см, а яшчэ 30 см прыходзіцца на хвост. Вага цела дасягае да 30 кг. Але не толькі за вялікі памер лічаць яго каралём. Гэта яшчэ і самы лепшы будаўнік сярод усіх звяроў. За гэтую здольнасць яго называюць інжынерам. Бабры будуюць сваю хатку ўсёй сям’ёй. Ролю пілы і сякеры выконваюць зубы – разцы. На кожнай чэлюсці іх па два. Разцы бабра заўсёды вострыя. Ён іх вострыць у час адпачынку і нават сну. Разцы паступова сціраюцца, але гэта не страшна, таму што зубы ў бабра растуць усё жыццё, амаль на сантыметр за суткі.  
Бабёр здольны вельмі добра плаваць. Яму ў гэтым дапамагае яго хвост. Хвост у бабра незвычайны, пакрыты луской. Па форме нагадвае лапату. Каб падгрызці дрэва, бабёр упіраецца ў зямлю хвастом. Калі бабёр плавае, хвост служыць вяслом і рулём. З дапамогай хвоста ён можа падаваць сігналы. Калі паграджае небяспека, бабёр моцна шлёпае хвастом па вадзе і нырае. Пачуўшы знак, іншыя бабры таксама ныраюць у ваду. Усё цела бабра пакрыта цёплым футрам, і толькі дзякуючы хвасту ён ахалоджваецца. Хвост выратоўвае нават ад холаду. У вялікія халады бабёр сціскаецца амаль у клубок, хвастом прыкрывае нос і заднія лапы з перапонкамі.
Ці заслужана  зязюлю лічаць дрэннай маці? На самай зязюля адкладвае яйкі ў чужыя гнёзды, але робіць яна так па той прычыне, што  зязюля адкладвае яйкі за даволі доўгі прамежак часу. І калі з першага яйка ўжо вылупілася б птушаня, то з астатніх - яшчэ не хутка. Таму зязюля вымушана адкладваць яйкі ў гнёзды іншых птушак. Маленькае птушаня развіваецца значна хутчэй за іншых птушанят і выкідвае іх з гнязда. Прыёмныя бацькі не здольны пракарміць увесь вывадак і выкормліваюць адно толькі птушаня.
Многія не любяць зязюль і лічаць іх шкоднымі птушкамі, але зязюля – адзіная птушка, якая паядае валасатых вусеняў – небяспечных шкоднікаў лесу. Іншыя птушкі іх баяцца, таму што ядавітыя валаскі ўпіваюцца ў страўнік, а пражэрлівая зязюля можа з’есці іх вельмі многа.
Як адрозніць драпежных птушак ад іншых? Усе драпежныя птушкі маюць устрашаючы выгляд, які ім надае моцная кручкаватая дзюба, вялікія вострыя кіпцюры на нагах. Моцнымі вострымі кіпцюрамі на нагах драпежныя птушкі хапаюць і моцна трымаюць сваю здабычу, а магутнай дзюбай разрываюць яе.
А вось каму належаць          наступныя прыкметы: вялікі пушысты хвост, цэпкія лапкі, вялікія, вельмі вострыя зубкі, Вушкі з маленькімі пэндзлікамі, мех летам рыжавата – залацісты, зімой – срабрыста – шэры. Так, гэта вавёрка. Спрытна скакаць з галіны на галіну ёй дапамагае пушысты хвост, які выконвае ролю парашута і руля, а таксама лапкі з  цэпкімі кіпцікамі, якія дапамагаюць спрытна хапацца за галіны дрэў.
Вострымі зубамі вавёрка адгрызае і лушчыць шышкі, разгрызае спелыя арэхі. Любіць паласавацца насеннем сасны, елкі, арэхамі, ягадамі і іншымі плыдамі дрэў і кустоў. На зіму вавёрачкі запасаюць у сваіх дуплах арэхі, грыбы, жалуды, шышкі. Грыбы яна спачатку высушвае  на сучках дрэў.
 Калі корму ў лесе мала, то вавёркі качуюць у іншыя месцы. Высока падняўшы хвост, вавёркі могуць пераплываць рэкі і азёры.
Селіцца вавёрка ў дупле, у якім яна будуе сваё гняздо ( гайно). Яна сплятае яго з тонкіх галінак у форме шара з бакавой адтулінай для выхаду. На зіму вавёрка ўцяпляе гняздо мяккім пухам, поўсцю, пер’ем птушак, лісцем. У такім гняздзе нават у зімнюю сцюжу 18-20 градусаў цяпла. Гняздо мае два выхады. У марозныя дні вавёрка затыкае іх мохам. У вавёркі звычайна некалькі такіх домікаў.
У вавёрачкі вельмі многа ворагаў: на дрэвах – ястраб, воран, сава, пугач; на зямлі – ліса, куніца, гарнастай. Вавёрка  не мае чым бараніцца. Ад ворагаў яна выратоўваецца толькі тым, што уцякае і хаваецца  сярод густых галін. Але ваверачка становіцца вельмі смелай, калі яе маленькім дзіцянятам паграджае небяспека: можа напасці на ворага і біць яго лапамі.
А якому зверу належаць гэтыя прыкметы: хвост доўгі і пушысты, на канцы белы; лапкі стройныя, тонкія, вушы дастаткова вялікія, стаячыя, поўсць рыжаватая з вогненным адценнем. Гэта ліса. Пра лісу кажуць, што яна вельмі хітрая. Калі пачуе запах мышэй, то падкрадваецца вельмі ціха, а потым падскаквае і моцна стукае аб зямлю лапамі. Мышы, не разабраўшыся ў чым справа, ад страху выскакваюць з нары, а лісе толькі гэтага і трэба.
На паляванне ліса выходзіць ноччу. Летам яна есць жукоў і жаб, ловіць яшчаркаў і разбурае птушыныя гнёзды, палюе на зайцаў, мышэй,качак. Летам і восенню, калі паспяваюць ягады і іншыя плады, ліса з задавальненнем ласуецца імі. Зімою асноўным кормам з’яўляюцца мышы – палёўкі.
Вясной у нары паяўляюцца сляпыя, глухія, бездапаможныя лісяняты, але яны вельмі хутка растуць. Ужо праз два тыдні лісяняты пачынаюць бачыць, а яшчэ праз тыдзень-два весела гуляюць каля нары. У паўтара месяца лісяняты пачынаюць самі здабываць сабе корм.
Лісы – вельмі клапатлівыя бацькі.Яны разам выхоўваюць сваіх малышэй. Тата пільна сцеражэ нару, ходзіць на паляванне, а мама-ліса ні на хвілінку не пакідае сваіх маленькіх дзіцянят, пакуль яны самі не змогуць здабываць сабе корм.
Галоўнымі ворагамі лісы з’яўляюцца воўк і чалавек.У тым лесе, дзе многа ваўкоў, лісы амаль не водзяцца. Ліса можа перахітрыць ваўка, але небяспека паграджае маленькім лісянятам.
Пра якога звера кажуць: “ Яго ногі кормяць”? Так, гэта воўк. У воўка магутныя і дужыя ногі і ён вельмі вынослівы, дзякуючы чаму  на працягу доўгага часу заганяе сваю здабычу, пакуль тая знемагае і падае на зямлю. Ваўкі многа п’юць, таму любяць жыць каля ракі ці ручая. Ваўкі выходзяць на паляванне ноччу. Дужыя ногі, вострыя зубы, добры слых, нюх і зрок – вось што дапамагае ваўку ў час палявання. Зімою ваўкі збіраюцца ў зграі. Так яны палююць на буйных жывёл: аленей, ласей, дзікіх кабаноў. У час такога палявання ўсе ролі паміж членамі зграі размеркаваны. У іх заўсёды ёсць важак – самы дужы, разумны і вопытны воўк. Іншыя ваўкі яму падпарадкоўваюцца. Перш за ўсё ваўкі забіваюць хворых і аслабленых жывёл, таму іх называюць санітарамі лесу.
Хвост жывёлам служыць рулём пры бегу і коўдрай, калі адпачываюць. Яны прыкрываюць пушыстым хвастом мордачку і лапы.
Ваўкі – клапатлівыя бацькі. Воўк дапамагае ваўчыцы гадаваць малых ваўчанят. Ён ходзіць на паляванне, прыносіць корм для ўсёй сям’і. Ваўчыца пільна сочыць за дзяцьмі, пры малейшых прыкметах небяспекі пераносіць іх у другое, больш спакойнае  месца.
А ці ведаеш ты, чаму мядзведзя называюць касалапым?  Пры хадзьбе ён ставіць лапы пальцамі ва ўнутр, а пяткі наадварот. Але вялізны, непаваротлівы на выгляд мядзведзь вельмі хутка бегае, умее спрытна скакаць, спрытна лазіць па  дрэвах, добра плавае і спрытна ловіць рыбу.  Паляваць мядзведзю дапамагае добры  слух і нюх. Грыбы, ягады, жалуды, арэхі, птушаняты, мурашкі, звераняты, мёд, рыба – вось асноўны корм мядзведзя. Перш чым залегчы ў спячку мядзведзь выварочвае кусты крушыны, аб’ядае лячэбнае карэнне, каб пачысціць кішэчнік перад спячкай.
У канцы зімы ў мядзведзіцы з’яўляюцца  маленькія сляпыя і глухія медзведзяняты. Чаму зімой, калі яна яшчэ спіць? Аказваецца, у прыродзе ўсё прадумана. У мядзведзіцы толькі зімою ёсць цёплая і ўтульная бярлога, дзе маленькім медзведзянятам будзе не толькі цёпла, але і бяспечна. 
Яны падобныя на маленькія мехавыя цацкі вагой усяго 400-500 грамаў, якія змяшчаюцца на далоні. Чаму ў такой вялікай мядзведзіцы, вагой да 250 кг, нараджаюцца такія маленькія медзведзяняты? Зімой мядзведзіца не харчуецца, жыве за кошт накопленага тлушчу. У канцы зімы гэтых запасаў становіцца вельмі мала. Вялікае медзведзяня маці-мядзведзіца проста не змагла б выкарміць. Маленькія медзведзяняты смокчуць малако, поўзаюць каля маці, залазяць ёй на спіну. Цёпла і ўтульна ім у бярлозе побач з вялікай і махнатай маці-мядзведзіцай.
Пра каго кажуць, што ён вельмі падобны на мядзведзя, толькі меншага памеру? Гэта барсук. Пазнаць барсука лёгка па белай паласе на носе. Сваімі кароткімі лапамі спрытна рые норы – сапраўдныя лабірынты даўжынёй да 20 метраў з некалькімі выхадамі для праветрывання. Барсук ведае, як карысна свежае паветра. Барсук зімою так як і мядзведзь спіць, але можа прачынацца. Вылазіць з нары, пагрэецца на сонейку, пачысціць поўсць, а потым зноў адпраўляецца спаць.  Лапы служаць барсуку і для абароны, і для здабычы корму.  З дапамогай дужых лап з доўгімі кіпцюрамі барсук  выкопвае карэнне, якім харчуецца. Барсук – усяядная жывёла, але любімымі прысмакамі з’яўляюцца жабы, чарвякі, насякомыя, ягады. У пошуках ежы барсук амаль увесь час рыецца ў зямлі,тым самым рыхліць глебу і знішчае многа шкоднікаў лесу, у першую чаргу хрушчоў. Звярок звычайна вядзе начны лад жыцця. Да восені таўсцее: запасае тлушч на зімнюю спячку.
Цела барсука вельмі добра прыстасавана для таго, каб рыць норы і жыць пад зямлёй. Барсук вельмі чыстаплотная жывёла – каля нары і ў нары ў яго заўсёды чыста. Ён настолькі акуратны, што робіць спецыяльныя глыбокія ямкі для туалета за некалькі метраў ад сваёй нары. Калі яма напаўняецца, барсук закопвае яе і капае другую. Бывае, што ліса займае барсучыную нару.  Каб  выгнаць барсука з нары, яна раскідае каля нары рознае смецце. Барсук прыбірае, урэшце не вытрымлівае і пераходзіць жыць у іншае месца.
Самым буйным зверам Беларусі з’яўляецца зубр. Вышыня дарослых жывёл бывае да 2 метраў. Маса самцоў можа дасягаць  больш за тону. Зубр, нават яшчэ калі маленькі, не баіцца ўкусаў ядавітых змей. Вучоныя мяркуюць гэта таму, што зубры ядуць траву зуброўку, якая з’яўляецца элексірам здароўя і сілы. Лечацца зубры як і іншыя дзікія жывёлы мухаморамі. Зубр – раслінаедная жывёла. У яго ежу ўваходзіць каля 200 траў і 50 кустарнікаў. На дзень зубру неабходна  да 20-30 кг ежы і да 10 вёдзер вады. Пры такім рацыёне найцяжэй зубрам даводзіцца зімой. Таму людзі ў гэты перыяд падкармліваюць  жывёл сакавітымі і пажыўнымі кармамі. Калі зубру пагражае небяспека, ён можа хутка бегаць. Але калі яго раззлаваць, то ён смела наступае на ворагаў, асабліва калі ў статку маленькія зубраняты.
Якая жывёла ў нашых лясах займае другое месца па велічыні? Гэта лось.  У лася доўгая цяжкая галава з гарбінкай на носе, з вялікімі ( да 25 см) вушамі, з верхняй губой, якая звісае над ніжняй; на спіне невялікі горб, ногі  тонкія і вельмі доўгія, а хвост кароткі ( да 5 см); шырокія плоскія рогі, падобныя на далонь з раскрытымі пальцамі. Такі выгляд у лася не звычайна. Рухомая верхняя губа дапамагае жывёле захопліваць лісты і парасткі дрэў, знімаць з дрэў лішайнікі і мох. Вялікія вушы дапамагаюць улаўліваць гукі лесу. Доўгія ногі нагадваюць па колеры і форме ствалы маладых асінак, калі жывёла хаваецца ў зарасніках дрэў. Рост лася - самца перавагае нават рост зубра і дасягае да 230 см, але вага лася значна меншая за вагу зубра і дацягае да 570 кг. Дзякуючы доўгім нагам з шырокімі капытамі і перапонкай ласі лёгка могуць перамяшчацца па балотах. Ласю вядомыя карысныя асаблівасці траў іван-чай і кіпрэй і таму яны любяць імі паласавацца. Па снезе лось не можа перамяшчацца так лёгка як па балоце,  таму стараецца  хавацца ў мала заснежаных лясных гушчарах, каб лягчэй можна было уцякаць ад ворагаў, а ворагаў у лася многа: воўк, мядзведзь, рысь. Ад ваўкоў і мядзведзя лось можа абараніцца з дапамогай вострых і моцных капытоў, а вось ад  рысі, якая нападае зверху,  лось застаецца безабаронным.
Зімою лось увесь дзень без астаноўкі ходзіць па лесе, таму што хутка награваецца і марудна астывае. Лось не пераносіць гарачыню, таму ў летнюю спёку ён хаваецца ў гушчары ці па горла залазіць у ваду і толькі ноччу  адпраўляецца па харчаванне. Галіны, кара, парасткі, лісты і хвоя дрэў, сакавітыя балотныя травы – ежа ласёў. Людзі ствараюць ласіныя лесафермы і атрымліваюць вельмі карыснае малако, таму што ў рацыён ласей уваходзіць больш за 100 відаў раслін.
Часта можна чуць прыказку, што свіння гразь знойдзе. Так кажуць пра гразнуль, што зусім не датычыцца да дзікага кабана, бо ён вельмі любіць хадзіць у “баню”. Толькі “ баня” у яго незвычайная – усяго адна ямка з балотнай вадой. Дзікія кабаны вельмі любяць прымаць гразевыя ванны, якія выратоўваюць іх ад паразітаў-насякомых. Пасля падсыхання скура пакрываецца цвёрдай скарынкай, якая ўбірае ў сябе ўсіх паразітаў і губіць іх. Кабаны тым часам пачынаюць церціся бакамі аб цвёрдыя прадметы і такім чынам ачышчаюць сваё цела, а гэта сведчыць аб імкненні дзікіх кабаноў да чысціні.
Дзікі кабан – усяедная жывёла. Ён харчуецца мышамі, яшчарамі, слімакамі, чарвякамі, вусенямі і іншымі насякомымі. Кабаны могуць нападаць на касуль і іншых жывёл.У лясах яны кормяцца жалудамі, арэхамі, карэннямі папаратнікаў, маладымі парасткамі. Насы кабаноў такія моцныя, што  могуць пераварочваць цэлыя глыбы мерзлай зямлі. Не страшны яму ні зараснікі, ні балоты, таму што у кабана цвёрдая скура , а на нагах ёсць бакавыя капытцы, якія павялічваюць плошчу апоры. Такія капытцы дапамагаюць перамяшчацца і па снезе.
Акрамя чалавека ў кабана ворагаў нямнога. Дзікі кабан – дужая агрэсіўная жывёла здольная аказаць супраціўленне іншым драпежнікам сваімі магутнымі загнутымі клыкамі. Кабаны – вельмі асцярожныя звяры. У іх вельмі добра развіты нюх і слых і таму яны нікога блізка да сябе не падпускаюць.За бяспекай у сям’і сочаць усе яе члены. Хто першы пачуе небяспеку, падае агульны для ўсіх сігнал. У выпадку небяспекі парасяты хаваюцца ў  гушчары, у траве, пад ламаччам. Дякуючы паласатай афарбоўцы, яны становяцца непрыкметнымі ў промнях сонца.
Перад нараджэннем парасят самкі будуюць логава, высцілаюць яго мяккай падсцілкай. Вясной нараджаецца да 10 парасят, кожны па 1,5 кілаграма.Ноччу маці знаходзіцца з парасятамі, а днём ненадоўга адыходзіць пакарміцца. Але праз кожныя 3-4 гадзіны варочаецца, каб пакарміць малых.
Каго называюць самым небяспечным драпежнікам нашых лясоў? Гэта рысь. У рысі кароткі, нібы абрублены хвост, пэндзлікі на кончыках вушэй, шырокія бакенбарды па краях галавы, поўсць рыжавата-шэрая з бурымі плямамі; небяспечная лясная кошка-драпежніца. Ад рысі не можа ўцячы ніадна здабыча. Яе ахвяры – касулі, алені, зайцы, вавёркі і нават ласі. Але рысь, як і воўк, знішчае слабых і хворых жывёл, таму яе таксама лічаць санітарам лесу. Яна падпільноўвае сваю здабычу на дрэве, затойваецца, або як цень падкрадваецца да сваёй здабычы. Скачок звера імгненны; цела яго дужае, лапы магутныя і моцныя. Ад такога драпежніка нельга ўратавацца. Сустрэча з рыссю асабліва небяспечная зімою: яе шырокія лапы не грузнуць у снезе, уцячы ад драпежніка вельмі цяжка.
Рысь селіцца ў густых непраходных лясах. Пятністая афарбоўка робіць яе непрыкметнай сярод лістоты, стракатай ад сонечных промняў. На паляванне рысь выходзіць ноччу.
Каго называюць “лясным доктарам “?Такую важную назву далі дзятлу. У Беларусі сустракаецца 10 відаў дзятлаў. Дзяцел вельмі рэдка спускаецца на зямлю, увесь час ён праводзіць на дрэвах, па якіх вельмі добра лазіць, таму што ў яго 3 кропкі апоры: 1- кароткія і моцныя ногі з цэпкімі кіпцюрамі на чатырох пальцах, два з якіх накіраваны ўперад, а два –назад; Другая кропка апоры – хвост. Пер’е на ім жосткае і пругкае.На такі хвост дзяцел абапіраецца, як на падстаўку.Трэцяя кропка апоры – моцная долатападобная дзюба. Перамяшчаецца дзяцел па ствале па спіралі невялікімі скачкамі.
Харчуецца дзяцел караедамі, якіх здабывае з дапамогай дзюбы і языка. Свой доўгі ліпкі язык з мелкімі зубчыкамі, накіраванымі назад,  дзяцел прасоўвае ў шчыліну.Язык можа высоўвацца з рота на 12 см. Такім языком вельмі зручна даставаць з-пад кары насякомых, ніхто з такога языка, як з кручка, не саскочыць. Дзяцел стукае па ствале, тым самым вызначае, ці здаровае дрэва і ці ёсць там караеды. У ствале ляснога  дрэва знаходзіцца і  дупло дзятла. Ворагамі дзятла з’яўляюцца ястрабы і іншыя драпежныя птушкі. Галоўным жа ворагам з’яўляецца вавёрка, якая любіць паласавацца птушынымі яйкамі і нават маленькімі птушанятамі.
 Акулы. Акулы жывуць у марах і акіянах. Зубы ў акулы размешчаны ў некалькі радоў і растуць усё жыццё. У акулы няма паветранага мяшка, таму без руху яны могуць патануць. У акул добра развіты нюх. Яны чуюць кроплю крыві на адлегласці 4 кіламетры.
Рыба-піла мае больш зубоў, чым любая акула, таму што зубы ў яе знаходзяцца не толькі ў роце, але і па краях пілы. Рыба – піла можа разрэзаць чалавека на палавіну, але першая ніколі не нападае. У яе нараджаюцца дзіцяняты не з ікрынак, а  жывымі.
 Рыба-молат занесена ў Чырвоную кнігу з – за павышанай цікавасці да плаўнікоў, з якіх вараць суп. Колькасць гэтых рыб катастрафічна змяншаецца, так як і астатніх відаў акул з-за мяса, якое ўжываюць у ежу.
Сом  вялікая рыба, дасягае ў даўжыню 5 м, палову якой складае хвост. Цела без лускі, пакрыта сліззю. Колер жоўта-зялёны. Галава вялікая, з вялізным ротам, вочы маленькія. На паляванне выходзіць ноччу. Жыве ў рэках у глыбокіх месцах, ямах. Харчуецца рыбай, жабамі, ракамі, можа нападаць на птушак, якія плаваюць.
Самыя вялікія рыбы – кітовая і белая акулы. Яны дасягаюць да 18 метраў у даўжыню.

А самая маленькая рыба ў свеце – бычок Пандака. Яе даўжыня 6 мм.



Загадкі з роднай хаткі
Сям’я
Без яго жыццё – самота,
Ён – надзея і пяшчота,
І памочнік ён і брат,
Хай у нас іх будзе шмат. ( Сябар)

У роце, а не праглынеш. ( Язык)

Ад калыскі і навек
Самы блізкі чалавек. ( Маці)

Прытуліцца да галавы
Сівенькай галавой,
А вочы – васільковыя,
Нібыта ў маладой…
Вясёлая, лагодная,
Руплівая яна,
І без яе ніводнага
Я не ўяўляю дня. ( Бабуля)

Прырода
 Жоўты ён і сыпкі,
У двары насыпаны,
Калі хочаш , можаш браць
Каля хаты пагуляць. ( Пясок)

З неба сыплецца гарох,
На двары перапалох.
Дзевяць хутка зела Ніна –
У яе цяпер ангіна.
Што за дзіўны быў гарох,
Што падняў перапалох? ( Град)

Маленькі, удаленькі
Скрозь зямлю прайшоў,
 чырвоную  шапачку знайшоў. ( Грыб)

Пыл падняў, галосіць, свішча.
Цэлы вечар на дварэ,
Паваліў у садзе вішню,
Паламаў галінкі  дрэў. ( Вецер)

У паднеб’і  б’е гармата,
То вясна святкуе свята.
Нават рэха за бугром
Павітала першы (гром)

Без яе не будзе акіяна,
Мора, возера, ракі.
Нават лужыны, дзе летам
Скачуць жвава  шчанюкі. ( Вада)

Ад нябёсаў да зямлі
Сем сцяжынак праляглі ( Вясёлка)

Харчаванне.

Сакаўны, зялёны, смачны
На галінцы струк вісіць.
А сарвуць – ён і не плача,
У рот як рэчачка бяжыць. ( Гарох)

У гародзе  на кусце
Вісне мячык на хвасце,
Чырваней чырвоных зор
Сакавіты ( памідор)

Сакавіты, круглаваты
Здаравяка гэты.
Нам патрэбен на салаты
І на вінегрэты. ( Бурак)

Галава на славу,
Да зубка зубок –
Добрая прыправа,
А завуць …( часнок)

Зялёныя густыя
На градцы выраслі кусты.
Падкапаў іх нам Андрэйка,
Пад імі цэлая сямейка. ( Бульба)

У зямлю схаваўшы нос,
Пані вырастае.
Толькі пук зялёных кос
Вецер развявае. ( морква)

Я зверху круглы ды зялёны,
А ўнутры салодкі і чырвоны. ( Кавун)

На градцы хрусткі і зялёны,
А ў бочцы жоўты і салёны. ( Агурок)

То я яго збіраю,
То кідаю ў зямлю.
З ім сыты сам бываю
І людзей кармлю. ( Зерне)

У гародзе ля дарожкі
Стаіць сонейка на ножцы.
Промні жоўтыя палаюць,
Але зусім не апякаюць. ( Сланечнік)

Расліны

Маленькая дзежачка
Поўная кісляціны ( Лімон)

Пад лісткі хаваюцца,
Сонейку ўсміхаюцца.
Нібы тыя чараўніцы
Чарналобыя (  чарніцы)

Мы чырвоныя , кіслыя,
На балоце расцем.
Пад снегам даспяваем,
У роце песенькі спяваем. ( Журавіны)

Зялёны, жоўты,
Ці з чырвоным бокам
Наліты ўвесь духмяным сокам.
Ён так і просіцца ў рот,
На варэнне і кампот. ( Яблык

Чырвонае цельца,
Каменнае сэрца.
 Вінная на смак,
А завецца як? Вішня

Сядзіць сярод лесу паненка,
На ёй чырвоная сукенка.
Хто паненку сустракае,
Той паклон ёй адбівае. Суніцы.

На снезе пушыстым
Царыца стаіць –
У гронках агністых
Ззяе, гарыць.   Рабіна

Грыбы
Стаіць  у лазе на адной назе. Грыб.
 
Цёплым летам у бары
Каля самай сцежкі:
Нас у кошык сабяры, -
Просяць    (сыраежкі).

У крамянай цёмнай шапцы
У лясочку на палянцы
З-пад зямлі за ноч узнік
Тоўсты дзядзька ( баравік)

Што за дзіўныя дары
Для маленькай Верачкі?
Хто рассыпаў у бары
Белыя талерачкі?
А за імі ў тры рады
Селі чорныя (    грузды)

Ён у лесе стаяў,
А ніхто яго не браў,
У чырвоным каптурку,
Ды нікому не ў руку. ( Мухамор)

Звяры

Ледзь прыблізіцца зіма –
Іншае адзенне.
Футра шэрага няма,
Белае адзене. ( Заяц)

Маленькі звярок
Скача з елкі на дубок. (Вавёрка)

Тук! Тук! Тук!
Ад сасны да сасны
Рэха нясецца.
Лечыць сасну доктар лясны,
Як ён завецца? (Дзяцел)

Летам носіць ён кажух,
Мае свій абход пчаліны,
Уплятае мёд за двух
І збірае ў рот маліны. ( Мядзведзь)

Дзік спалохана скуголіць,
Паглядае ўвысь:
Там стаілася між голля
У засадзе (   рысь).

Птушкі
Чапу-ляпу, па вадзе
Птушка шэрая ідзе.
Хай там спёка, хай там слота, -
Жыць не можа без балота. ( Чапля)

Хапаткія ў мяне крылы,
Хвосцік востры, нібы вілы,
З гліны я гняздо ляплю,
Мошак на ляту лаўлю. ( Ластаўка)

У чырвоныз ботах
Ходзіць па балотах. (Бусел)

Ледзь вясна шчэ наступае –
Ён канцэрты пачынае.
Гучна льецца песня – свіст.
Як завецца той артыст? ( Шпак)

За ўсіх птушак ён чарнеё,
Чысціць пашню ад чарвей. ( Грак)

Не чытала, не пісала
Ну ні “А”, ні “ Б “не знала.
Хоць пра кнігу з выгукам
Дзень крычала (   кнігаўка.)

Насякомыя
Скача пружынка –
Зялёная спінка
З травы на былінку
З былінкі на сцяблінку. ( Конік)

Што за птушка хатняя
Гэткая нахабная:
Нават не баіцца
Вам на нос садзіцца. ( Муха)

Джыганула штосьці Нінку
Ледзь яе ўзяла за спінку.
Нінка, пэўна, и не знала,
Што кусака мае джала. ( Аса)

У траве мильгае,
Хвосцікам махае.
Хвост адарве –
Другі нажыве. ( Яшчарка)

Ля ракі жыве званар,
Ён балотны гаспадар.
Даўганосы, даўганогі,
Голас тонкі, а сам строгі. ( Камар)

Паўзун паўзе ,
Іголкі вязе. ( Вожык)

Пад ялінай у бары
Дом зрабілі цесляры.
Парабілі вокны, дзверы
Без пілы і без сякеры. ( Мурашкі)

Сям’я душ 300 і багата,
 Ды ўсяго два локці хата.  ( Пчолы)


На балоце ў густой асацэ
Стаіць прыгажуня на адной назе. (Чапля)





Комментариев нет:

Отправить комментарий